
17 лістапада 2020 года ў анлайн-фармаце прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура: педагагічны кантэкст”, арганізаваная Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г.Мінска і Беларускім дзяржаўным ўніверсітэтам культуры і мастацтваў.
Мэтамі канфэрэнцыі выступілі абагульненне і трансляцыя інавацыйнага вопыту ў рэалізацыі прыярытэтных праектаў і праграм у галіне этнакультурнага выхавання падрастаючага пакалення ва ўмовах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, абмеркаванне сучасных метадалагічных падыходаў і перспектыў у выхаванні, развіцці, сацыялізацыі асобы сродкамі традыцыйнай культуры беларусаў, удасканаленне этнакультурных кампетэнцый педагагічных работнікаў, развіццё медыякультуры як кампаненту сучаснай адукацыйнай прасторы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Канферэнцыя прайшла з выкарыстаннем сучасных сродкаў анлайн-падключэння: платформа для правядзення канферэнцый ZOOM, сацыяльная сетка “Instagram”, афіцыйныя інтэрнет-сайты ўстаноў, відэахосцінг YouTube, дзе быў прадстаўлены вопыт дзейнасці больш за 60 адукацыйных устаноў нашай краіны.
Удзельнікаў канферэнцыі віталі Васільчанка Надзея Васільеўна, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, старшыня рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Катовіч Наталля Канстанцінаўна, начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі”, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, Румава Валянціна Мікалаеўна, дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска
Канферэнцыя аб’яднала звыш 120 удзельнікаў з розных куткоў Рэспублікі Беларусь. З пленарнымі дакладамі выступілі Васільчанка Надзея Васільеўна, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Румава Валянціна Мікалаеўна, дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска, Казлоўская Людміла Іванаўна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прафесар, загадчык кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці, Пладунова Таццяна Аляксандраўна, дацэнт кафедры этналогіі і фальклору, Петухова Наталля Вячаславаўна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры рэжысуры.
У межах канферэнцыі былі арганізаваны 3 тэматычныя секцыі, практыкаарыентаваная пляцоўка “Прамы эфір-дыскусія “З учора – у сёння!”: вынікі рэалізацыі раённай адукацыйна-культурнай праграмы “Традыцыйная культура і моладзь”, інтэрнэт-панарама педагагічнага вопыту і творчасці навучэнцаў, якая ўключае майстар-класы, творчыя майстэрні, рэканструкцыі абрадаў, відэаагляды выставак дэкаратыўна-прыкладной творчасці, відэапрэзентацыі творчай дзейнасці і тэматычныя заняткі, відэаролікі з дэманстрацыяй узораў музычнага і гульнёвага фальклору.
На выніковым паседжанні была выпрацавана рэзалюцыя, якая прадугледжвае далейшае супрацоўніцтва і ўзаемаабмен вопытам .
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік тэзісаў удзельнікаў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура: педагагічны кантэкст”.